НАЗВА: Казкі
АЎТАР: blackst666 (Błeki)
ФАНДОМ: Axis Powers Hetalia
ПЭЙРЫНГ: Літва/Расія
РЭЙТЫНГ: PG
ЖАНР: прэ-слэш
ПАМЕР: міні
ТАЙМЛАЙН: 1816 год.
ПАПЯРЭДЖАНЬНІ: ООС, напэўна.
КАРОТКІ ЗЬМЕТ: Расія жадае, але ня ўмее…
ДЫСКЛЭЙМЭР: Грошай не атрымліваю.
ПРАВЫ РАЗЬМЯШЧЭНЬНЯ Й ПУБЛІКАЦЫЙ: Нікуды выладваць нельга.
СТАТУС: скончана.
– Усе ўсё зразумелі? Усе вольныя, - сказаў Расія, даючы кучу тэчак з дакумэнтамі дрыготкаму Латвіі. Той, задрыжаўшы пад іх цяжарам яшчэ больш, хутка заківаў і павярнуўся, каб сысьці, але ад рэзкіх рухаў у яго закружылася галава. Латвія на сэкунду заплюшчыў вочы і, зусім страціўшы арыентацыю ў прасторы, расьцягнуўся на новым дыване ў кабінэце Расіі.
– Латвія! – Эстонія, як заўсёды, кінуўся да сябра самы першы. – Латвія, з табой усё ў парадку?
Латвія паглядзеў на Эстонію, які дваіўся ў вачах, і з пакутай у голасе праенчыў:
– Н-не…
– Прыгожа валішся, - ацаніў Расія. – Я й забыўся, што ты такі слабы.
Літва заўважыў на твары гаспадара хаты мсьцівую ўсьмешку. “Ён зноў помсьціць за тое, што Латвія праігнараваў яго дзень народзінаў”, – здагадаўся Літва. “Напэўна, і мне штосьці прыдумае”, - са страхам падумаў ён і прысеў сабраць тэчкі, якія Латвія выпусьціў з рук.
Ня далей як дзень таму ў непасрэднага начальніка прыбалтаў ды іншых краін, якія жывуць у яго хаце, быў дзень народзінаў. Вядома, Расія запрасіў усіх залежных ад яго і сваякоў: ён любіў сьвяты, дзе было шмат госьцяў. Ці любіў, калі яму дораць шмат падарункаў, ці шмат увагі, ці ўсё адразу – Літва мог толькі здагадвацца. У любым выпадку, ён хваляваўся, калі хтосьці не прыходзіў.
У гэты раз Літве тэрмінова спатрэбілася адлучыцца па справах у сваю губерню, у Вільню. Ён купіў падарунак і, рассыпаючыся ў выбачэньнях, паднёс яго Расіі. Той вельмі засмуціўся, але падарунку усьміхнуўся і Літву адпусьціў. Калі Літва ўжо сабраўся выйсьці з хаты, яго злавіў Латвія. Апошні, жаласна гледзячы вялікімі вачамі на брата, стаў маліць, каб той узяў яго з сабой.
– Але Расія гэтага не забудзецца! – шчыра занепакоіўся Літва.
– Ён ізноў што-небудзь выдумае, і я буду выглядаць клоўнам, як у мінулы раз, - ледзь ня плакаў малодшы балт.
Старэйшы ж толькі гаротна ўзыхнуў і павёз Латвію ў Вільню.
Сабраўшы ўсе тэчкі, Літва ўстаў і ўжо хацеў сысьці, але быў спынены загадам:
– Затрымайся на хвіліну.
Ён замёр.
– Літва, ці ня можаш зайсьці да мяне сёньня ўвечары, калі ўсе лягуць спаць? – замоўніцкім тонам спытаўся Расія, калі за Эстоніяй і Латвіяй зачыніліся дзьверы.
Той, пачуўшы ў гэтым тоне толькі пагрозу, прыціснуў да сябе тэчкі, зажмурыўся й падумаў: “Я ж гэта ведаў! Сапраўды дастану лазьню! Але лепш я згаджуся.”
– Зайду, - адказаў Літва й хутка выйшаў з кабінэта.
Увечары, пасьпеўшы прыдумаць шмат вэрсый разьвіцьця падзеяў, Літва нерашуча пастукаў у дзьверы спальні Расіі.
Той сустрэў яго зьбянтэжанай усьмешкай, і ёй Літва быў вельмі зьдзіўлены.
– Праходзь, - Расія ўпусьціў яго ў пакой і неўзаметку запёр на замок. Ключ кінуў на мяккі дыван пад ложкам і засунуў туды нагой.
Пакой быў вялікі, у сьветлых тонах, зь вялікай прыгожай мэбляй і шырокім ложкам. Ён быў разасланы, каля яго на тумбачцы стаялі сьвечкі, а вакол іх ляжалі нейкія рэчы, якія дзіўна паблісквалі, як жалеза.
Непрыстойныя думкі, якія наведалі Літву, выклікалі жаданьне неадкладна ўцячы, у крайнім выпадку выскачыць у вакно, і больш ніколі не згаджацца заходзіць на гэты паверх. І хай помсьціць як жадае.
– Літва, ты можаш мне пачытаць? – Расія падышоў да яго й працягнуў нейкую кнігу.
“Польскія народныя казкі” – паведамляў надпіс.
Літва ўспомніў, што, калі ён вярнуўся, Польшча, глытаючы гарэлку з запасаў Расіі, выхваляўся, што файна пазьдзекаваўся зь нялюбага брата.
– Ты ўяві, што я яму падарыў! Казкі! Быццам маленькаму! На польскай! А што ён мне свае канстытуцыі раздорвае, разбор маёй шляхты ўладкоўвае?! Я ж файна прыдумаў, га? Толькі ён чамусьці ўзрадаваўся й цябе паклікаў. Напэўна, п’яны быў і забыўся, што ты зьехаў, так?
Літва праглынуў словы пра тое, што насамрэч то была яго шляхта, і толькі моўчкі кіўнуў, ціхенька засунуўшы поўныя бутэлькі ў недаступнае для Польшчы мейсца.
– Я ня вельмі добра разумею польскую, а ты й яе ведаеш добра, і рускую, здолееш перакласьці. Я, наогул, вельмі люблю казкі. Толькі не гавары нікому, добра? – Расія відавочна нэрваваў.
Літве нават здалося, што яго шчокі пачырванелі.
“Якое мілае захапленьне!” – зьдзівіўся ён і ўзяў кнігу.
– Ляжма, каб зручна было, - зусім засаромеўся Расія.
Літва, які ў гэты час разгледжваў афармленьне кнігі, машынальна кіўнуў, і толькі потым сьцяміў, з чым згадзіўся.
Але хваляваць Расію ён не хацеў, асабліва калі той быў у добрым настроі. І на тумбачцы ляжаць зусім ня кайданкі й іншыя страшныя рэчы, а цукеркі на фальзе. “Ня варта руйнаваць такую ідылію, тады можна будзе выйсьці адсюль у добрым здароўі,” – супакойваў сябе Літва, утаропіўшыся ў саладосьці.
– Хочаш цукерку? Бяры, - дазволіў Расія, заўважыўшы погляд Літвы. – Там яшчэ стаіць вада. Захочаш – пі.
Той, падзякаваўшы Расіі, наліў сабе вады, вялікімі глыткамі выпіў яе ды лёг побач зь ім, учапіўшыся ў кнігу.
– Табе тут холадна? - спытаўся гаспадар пакоя, заўважыўшы лёгкую дрыготку Літвы, і, як заўсёды не чакаючы адказу, накрыў яго коўдрай.
- Усё добра, - прамармытаў Літва й узяўся за пераклад казак.
Праз гадзіну, ужо зусім сонны, ён закрыў кнігу й паглядзеў на Расію, памкнуўшыся яму паведаміць, што сыходзіць да сябе. Расія спаў, паклаўшы рукі сабе пад шчаку й залагоджана ўсьміхаючыся.
Літва хутчэй зьлез з ложка. "Наогул, я зьдзіўлены, што ўсё прайшло так мірна", - падумаў ён, ціха падыходзячы да выйсьця. Літва асьцярожна націснуў на ручку, і дзьверы… не адчыніліся. Ён націснуў мацней – нікага эфэкту. Патузаўшы ручку сюды-туды яшчэ й не дамогшыся жаданага выніку, Літва, які імгненна страціў дрымотнасьць, прыняўся за пошукі ключа. Ён абмацаў падлогу каля дзьвярэй, пад сталом, які стаяў пабоч, сам стол, кніжную паліцу й усе астатнія даступныя паверхні, але нічога не знайшоў. Паніка ахапіла Літву, і ён павольна апусьціўся на падлогу.
Колькі хвілінаў ён сядзеў, праклінаючы момант, калі ён згадзіўся сюды ўвайсьці, момант, калі ён сюды ўвайшоў, год, калі Рэч Паспалітая была падзеленая ў апошні раз, Кацярыну Другую, Станіслава Панятоўскага, Польшчу і, урэшце, свой страх. Але на дварэ была зіма, і, седзячы на падлозе, можна было сабе что-небудзь адмарозіць. Таму Літва ўстаў і пакруціўся на мейсцы, яшчэ раз аглядаючы пакой у пошуках ключа, запасных дзьвярэй ці на крайні выпадак запаснога ложка, аднак вынік застаўся такім самым.
Літва спыніўся й задумаўся. "Будзіць ці не будзіць? Вось у чым пытаньне," – пранеслася думка ў галаве. Перад ім стаяла дылема: легчы побач і паспрабаваць заснуць ці папрасіць Расію выпусьціць яго. Не, лепш патрабаваць, і неадкладна!
Літва рашуча падышоў да Расіі й зазірнуў у твар. Уся рашучасьць кудысьці выпарылася. І сілы заадно кудысьці выпарыліся. Літва міргнуў: вочы быццам заслала смуга.
– Польшча! Байструк! – пасьпеў прашаптаць ён і ўпаў на падлогу, забыўшыся моцным сном, як ў былыя часы пасьля доўгай бітвы.
Расія расплюшчыў вочы й занепакоена паглядзеў на Літву. Потым са шкадаваньнем уздыхнуў, кінуўшы погляд на гарлач з вадой, куды дабавіў трохі снатворнага. Расія асьцярожна падняў Літву й паклаў на ложак, ўладкаваўся побач; не стрываў і, абняўшы, уткнуўся яму ў плячо, ды гэтак і заснуў.
Літву чакала поўная неспадзевак раніца…